Листая страницы любимых изданий, мы мир познаём незнакомых нам строк. Историю жизни поэтов, прозаик, знакомые лица творцов! А компаса стрелки откроют нам тайны, как первую книжку, прочтённую мамой, с теплом и любовью к строкам … И звуки, рождённые буквами, стали словами - открой двери храма добра!
 Аркадзь Куляшоў

 БІЯГРАФІЯ 
Нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. У 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931 г. перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 г. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934-1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936-1937). У 1941-1943 гг. - на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943-1945 гг. - у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945-1946 гг. - рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958-1967 гг. - начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1978).
Першы верш надрукаваў у 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з'явіліся ў 1927 г. у часопісе «Чырвоны сейбіт». Выйшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Медзі дождж» (1932), паэмы «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «Радзіме і правадыру» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941), паэмы «Баранаў Васіль» (1941), «Сцяг брыгады» (паэма і вершы, Масква, 1943), «Прыгоды цымбал» (1945), зборнікі «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1946), «Паэмы» (1947), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), «Камуністы» (1949), паэмы «Простыя людзі» (1949), «Выбраныя творы» (1947, 1951), паэма «Новае рэчышча» (1951), «Вершы і паэмы» (1954, 1966), «Граніца» (1954), паэма «Грозная пушча» (1956, 3-е дапрацаванае выданне ў 1963), «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), паэма «Далёка да акіяна» (1972), «Мая Бесядзь» (1973), «Хуткасць» (1976), «Крылы» (1985), «Профілі» (1987), вершы і паэмы «Маналог» (1989). Выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966-1967), 5-ці тамах (1974-1977).
Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з А. Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1960-1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).
У яго перакладах выйшлі раман Г. Эрыксана «Валацужная Амерыка» (1932), паэма А. Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўгеній Анегін» (1949), паэма А. Парніса «Сказанне пра Белаяніса» (1959), «Выбраная паэзія» М. Лермантава (1969), паэма «Энеіда» І. Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела (1969), зборнік вершаў К. Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» С. Ясеніна (з Р. Барадуліным, 1976), асобныя творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева, М. Рыльскага, А. Малышкі, М. Нагнібеды, Р. Гамзатава і інш.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры Ўкраінскай ССР (1973). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за паэму «Сцяг брыгады», Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм М. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Т. Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).


 Над брацкай магілай
Ёсць пад Стараю Русаю
        руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
        і вербы растуць і рабіны.
Там жаўцеюць
Прыгожыя
Краскі
За вёскай у лузе,
Там ржавеюць
Варожыя
Каскі,
Нібы ў Беларусі.
Там магіла ёсць брацкая ў лузе
        за вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
        чэсна галовы злажылі.
Мы без слёз іх хаваем,
Памятаем
Пра свой абавязак,
Нашы слёзы саромяцца
        мужных вінтовак і касак.
Мы не плачам, хоць знаем,
        не проста салдацкія косці
Засыпаем мы жвірам халодным,
        а большае штосьці...
Засыпаем мы твары
        з вачамі і вуснамі тымі,
На якіх пацалункі
        дзяцей і жанок не астылі.
Жвірам сыплем на рукі,
        якія дзяцей тых насілі,
Жвірам сыплем на ногі,
        якія паўсвету схадзілі.
Ногі просяцца ўстаць,
        яны стомы ў дарозе не чулі,
Ды ўвагналі ў магілу
Іх сілу
Варожыя кулі.
Рукі хочуць яшчэ
        да грудзей прытуліць сваіх сірат,
Ды з варожае ласкі паганай
        дол цесны ім вырыт.
Хоць прымае іх гэта зямля,
        як сыноў сваіх, шчыра,
Але просяць іх вочы
        хоць жменьку палескага жвіра.
Толькі дзе яго ўзяць?
Як яны Беларусь пакідалі,
У дарогу з сабою
Мяшэчкаў з зямлёю
Не бралі.
Што ім жменька зямлі той?
Ты ўся ім патрэбна, радзіма,
А ў дарожным мяшочку
        ўмясціць цябе ўсю немагчыма.
Паспрабуй у дарогу забраць
        тыя пожні, палі і крыніцы,
Тыя пушчы, што могуць
        хіба толькі ў сэрцы ўмясціцца.
Беларусь мая родная,
        як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
        увесь і чабор твой і верас!..
Сэрца просіць шляхоў,
Што цяжкім маім ботам пад сілу;
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту;
Вочы просяць нябёсаў тваіх,
Ім твайго не хапае блакіту.
Мы сяброў засыпаем зямлёй —
Ленінградцы, татары, узбекі,
Мы клянёмся варожай крывёй
Напаіць беларускія рэкі.
Мы салют аддаём,
        памятаючы свой абавязак,
I не плачам, бо слёзы
        суровых саромяцца касак.




На паўмільярдным кіламетры

Жыццё маё на хуткасць гуку
Памнож і множанне правер.
Вось ты і адкажы, навука,
Адкуль вяртаецца цяпер
Лясной вяшчунні кукаванне,
Што, абудзіўшы першы сон,
Калісь пазвала ў вандраванне
Мяне на многа тысяч дзён?
Зайшоўшы ў векавыя нетры,
Стаю, зачараваны ім,
На паўмільярдным кіламетры,
Паміж наступным і былым.
Пакліч — былое адгукнецца
Жалейкаю за хваіной;
Скраніся — і важкой хадой
Наступнае ў паход кранецца.
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне — ў новае спатканне,
Напеў жалейкі — ў труб гучанне,
Выток жыцця — ў жыцця працяг.





Комментариев нет:

Отправить комментарий